МАРКАМА́НСКАЯ ВАЙНА́ 166—180, вайна старажытнагерманскіх (пераважна маркаманаў) і сармацкіх плямён, што жылі на Пн ад Дуная, супраць Рым. імперыі. Выкарыстаўшы цяжкае становішча Рым. імперыі ў сувязі з Парфянскай вайной (162—166), чумой і неўраджаем, герм. плямёны разам з саюзнікамі ў 166 уварваліся на яе тэрыторыю і пасля шэрагу перамог у 169 занялі Паўн. Італію і выйшлі да Адрыятыкі. Да 174 рымлянам пад кіраўніцтвам імператара Марка Аўрэлія ўдалося прыпыніць нашэсце германцаў, а ў 180 імператар Камод нанёс ім паражэнне. Паводле мірнага дагавора (180) граніцы Рым. імперыі зноў прайшлі па Дунаі.

т. 10, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)